Сеть публичных библиотек Вилейского района
Наш адрес: г. Вилейка, ул. Водопьянова, 21.
Тел. (8-01771) 5-56-56 E-mail: biblio@vileyka.gov.by

Экскурсія ў г. Полацк

6 жніўня бібліятэкар Партызанскай сельскай інтэграванай бібліятэкі Майхерская Г.І. арганізавала для сваіх чытачоў экскурсію ў старажытны горад Полацк – калыску беларускай дзяржаўнасці. Гэта найстарэйшы горад Беларусі, дзе шмат легендарных славутасцяў.

Гістарычныя будынкі, выдатны выгляд з гары Сафійскага сабора, маўклівая веліч манастырскіх сцен і ўнутраных храмаў (некаторыя з якіх – з тысячагадовай гісторыяй) вельмі ўразілі. Асноўная маса славутасцяў горада сканцэнтравана на Ніжне-Пакроўскай вуліцы і праспекце Францыска Скарыны, а вось Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр размешчаны ў баку ад іх, таму агляд пачаўся менавіта з яго. Мошчы Ефрасінні ў срэбнай рацы знаходзяцца ў галоўным храме манастырскага комплексу – Крыжа-Узвіжанскім саборы. Сюды прыязджаюць вернікі, каб прасіць у прападобнай патаемнага. Кажуць, добрая Ефрасіння дапамагае і ў вызваленні ад хвароб, і ў здабыцці сямейнага шчасця. У храме, дарэчы, удзельнікі вандроўкі ўбачылі і адноўлены ў 1997 годзе яе знакаміты крыж (рэліквія, створаная ў ХІІ стагоддзі полацкім майстрам Лазарам Богшам, знікла ў гады Вялікай Айчыннай вайны). А пасля паспыталі манастырскую гарбату з печывам.

Шмат даведаліся пра Сафійскі сабор з вуснаў экскурсавода. Паспрабавалі прачытаць надпісы ХІ стагоддзя ў падзямеллі Сафійскага сабора. А побач з саборам падзівіліся на Барысаў камень, які таксама пры дакрананні да яго ажыццяўляе жаданні. Заснавальніца Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра прападобная Ефрасіння на працягу многіх гадоў здзяйсняла подзвіг нашэння вярыг. Жалезныя ланцугі вагой 7 кг, якія яна насіла, у 1991 годзе былі знойдзены ў старажытнай Спаса-Праабражэнскай царкве. Вярыгі пакладзены ў дубовую разьбяную раку з шатамі, дзе да 2007 года спачывалі мошчы прападобнай Ефрасінні. Людзі з верай пакланяюцца і вярыгам, атрымліваюць вылячэнне душэўных і цялесных хвароб.

А яшчэ наведалі музей беларускага кнігадрукавання. Тут захоўваюцца як копіі, так і арыгіналы многіх старажытных рукапісаў, Статут ВКЛ і іншыя друкаваныя крыніцы, пабачылі бібліятэку Сімяона Полацкага.

Праехаўшы па вуліцах старажытнага горада, убачылі Чырвоны мост праз Палату, помнікі Ефрасінні Полацкай, Усяславу Чарадзею, воінам Айчыннай вайны 1812 года.

Гэта займальная экскурсія пакінула ў яе ўдзельнікаў самыя незабыўныя, глыбокія ўражанні.

Share
Вы можете оставить комментарий, или ссылку на Ваш сайт.

Оставить комментарий