
У рамках праекта «Bookstream» 11 сакавіка ў аддзеле абслугоўвання і інфармацыі ДУК «Вілейская раённая цэнтральная бібліятэка імя Г. Новік» для навучэнцаў УА «Вілейскі дзяржаўны каледж» прайшла гадзіна памяці «Людзі добрыя, памятайце!», прымеркаваная да 82-й гадавіны Хатынскай трагедыі, якая адзначаецца 22 сакавіка.
У сучасным свеце няма чалавека, які б не ведаў і не чуў слова «Хатынь». Назва невялікай беларускай вёскі стала сімвалам вялікай трагедыі народа Беларусі ў час Вялікай Айчыннай вайны – той трагедыі, што на стагоддзі застаецца ў народнай памяці і ў сэрцах кожнага новага пакалення. Хатынь з’яўляецца адначасова і сімвалам мужнасці і гераізму народа, яго непакорлівасці чорным сілам фашызму.
Падчас мерапрыемства ўдзельнікі праглядзелі дакументальны фільм «Хатынь», які перанёс іх у той страшны дзень – 22 сакавіка 1943 года, прымусіў азірнуцца і задумацца над гісторыяй чалавецтва. Прысутныя даведаліся, што разам з вёскай Хатынь былі спалены і разбураны разам з мірнымі жыхарамі і сотні іншых вёсак Беларусі (Ола, Дальва), у тым ліку і населеныя пункты Вілейшчыны – Боркі, Любча, Клюева, Янава і інш., успомнілі пра сведак тых страшных падзей, якія змаглі ўратавацца, – Фаіну Сяргееўну Кучко (Анасовіч) і Таццяну Феліксаўну Спірыдовіч (Маскалевіч).
Прайдуць гады, аднак беларусы ніколі не забудуць страшныя старонкі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а пакуль жывая памяць пра той страшны час – будзе жывы і беларускі народ.