
У 1999 годзе рашэннем Генеральнай сесіі ЮНЕСКА быў заснаваны Міжнародны дзень роднай мовы, які штогод адзначаецца 21 лютага. Галоўная яго мэта – захаванне моўнай і культурнай разнастайнасці ў свеце, падтрыманне нацыянальных моў і культур, а таксама забеспячэнне права кожнага грамадзяніна карыстацца роднай мовай. Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яе носьбіта.
«Пагавары са мной на мове на нашай роднай, не чужой. Адчуеш ты – у кожным слове душа яднаецца з душой», – такімі радкамі 20 лютага пачалі забаўляльную праграму «Ведай і любі сваю мову» бібліятэкары аддзела абслугоўвання і інфармацыіі ДУК «Вілейская раённая цэнтральная бібліятэка імя Г. Новік» Місюль М.М. і Камінская Т.Т. Удзельнікі мерапрыемства, якімі выступілі выхавальнікі ДУ «Вілейскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва», здзейснілі падарожжа па краіне роднай мовы. У ходзе праграмы яны «наведалі» розныя станцыі: «Загадкі», «Перакладчык», «Знаўцы беларускага фальклору», «Крылатая паштоўка». Паспяхова справіўшыся з усімі заданнямі, прысутныя атрымалі невялікія салодкія сюрпрызы.
Напрыканцы бібліятэкары пажадалі больш размаўляць на нашай роднай мове, чытаць творы беларускіх пісьменнікаў, любіць і шанаваць яе, бо іншай такой прыгожай, мілагучнай мовы не сустрэць ва ўсім свеце!