
27 лістапада ў аддзеле абслугоўвання і інфармацыі ДУК «Вілейская раённая цэнтральная бібліятэка імя Г. Новік» адбыўся моўны сход «Смак беларускай мовы» для гуртоўцаў ДУ «Вілейскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва».
Тэмай сустрэчы стала вельмі прыемная і актуальная для кожнай гаспадыні – «Беларуская кухня».
Загадчык аддзела маркетынга, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы Бохан В.Я. прапанавала ўсім прысутным ўзгадаць лексіку кухонных прылад, даючы каментары пра паходжанне некаторых слоў – талерка, сурвэтка, імбрык, філіжанка і інш. Потым Вікторыя Яўгенаўна зрабіла невялікі экскурс у гісторыю распаўсюджання кавы ў Еўропе, прапанаваўшы адправіцца гасцям у пачатковую кропку падарожжа – старажытны горад Стамбул. Падчас гістарычных падзей у 1683 годзе кава з’явілася і на гістарычных землях Беларусі – Рэчы Паспалітай і ВКЛ, а на пачатку 19 стагоддзя ўжо немагчыма было ўявіць сабе беларускі горад без кавярні. Пра кафейныя традыцыі шляхты гуртоўцы даведаліся з урыўка паэмы А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш». З вялікім задавальненнем жанчыны прынялі ўдзел у гульне «Сакавітыя слоўцы», дзе паспяхова перакладалі на беларускую мову некаторыя словы з «кухоннай» лексікі. На літаратурнай хвілінцы ў выкананні бібліятэкара Грэчанік К.У. прагучалі ўрыўкі з літаратурных твораў Н. Гілевіча, У. Караткевіча, Я. Коласа, у якіх давалася апісанне страў простых беларусаў. Вікторыя Яўгенаўна распавяла цікавыя факты пра з’яўленне на тэрыторыі Беларусі асноўных беларускіх традыцыйных прадуктаў харчавання – бульбы, сала і селядца, а для таго, каб веды лепш засвойваліся, гаспадынь шчыра частавалі гэтымі смачнымі стравамі.
Напрыканцы ўдзельніцы мерапрыемства з цікавасцю паспрабавалі разгадаць той палітычны сэнс, які быў зашыфраваны ў савецкія часы не толькі ў самой назве салата «Селёдка под шубой», але і ў кожным яго інгрэдыенце. А ў завяршэнні цёплай сустрэчы кожная гаспадыня на памяць атрымала прыемны падарунак – рэцэпты з беларускімі стравамі нашых продкаў.