26 верасня ў дзіцяча-юнацкім аддзеле ДУК “Вілейская раённая цэнтральная бібліятэка імя Ганны Новік” адбылася цікавая сустрэча вучняў 7 класа ДУА “Вілейская гімназія № 1 “Логас” з Уладзімірам Яфімавічам Цануніным – паэтам, членам Саюза пісьменнікаў, двойчы лаўрэатам прэміі Максіма Багдановіча і проста вельмі талантлівым чалавекам. Уладзімір Яфімавіч – перасяленец з зямель, пацярпеўшых ад Чарнобыльскай трагедыі.
Паэт распавёў шмат цікавых звестак са сваёй біяграфіі, з цяплом і любоўю расказаў пра сваю сям’ю – жонку, дзяцей, унукаў. Удзельнікі даведаліся, што пісьменнік сорак гадоў працаваў настаўнікам у розных школах Беларусі. Вершы і музыку піша з маленства. З’яўляецца аўтарам 16 паэтычных зборнікаў: “У струменях часу”, “Хто ж адкажа”, “Пушчанскія галасы”, “Да вогнішча далёкага юнацтва”, “Люстэрка”, “Страчанае рэха” і іншых.
Уладзімір Яфімавіч 22 гады аддаў горнаму турызму і 7 верасня 2024 года атрымаў знак “Ганаровы турыст Беларусі”. Усяго такіх людзей ў нашай краіне 5 чалавек. Ён адзіны ў Саюзе музычных дзеячаў Рэспублікі Беларусь без музычнай адукацыі. Валодае 14 музычнымі інструментамі, дасканала ведае нямецкую мову. Вучні з задавальненнем слухалі яго душэўныя песні.
Сустрэча з паэтам атрымалася незабыўнай.