19 чэрвеня мы адзначылі 100-годдзе з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, удзельніка Другой сусветнай вайны, лаўрэата шматлікіх літаратурных прэмій Васіля Быкава.
Майстар ваеннай прозы вельмі рэалістычна паказаў горкую праўду вайны, бо і сам з’яўляўся яе непасрэдным удзельнікам. Васіль Уладзіміравіч насіў званне народнага пісьменніка Беларусі цалкам заслужана: ён раскрыў мужнасць і подзвіг народнага духу ў гады вайны з фашыстамі, быў сімвалам беларускай нацыі і верным, адданым сынам сваёй зямлі. Сусветную вядомасць беларускаму празаіку прынеслі аповесці «Трэцяя ракета», «Альпійская балада», «Мёртвым не баліць» і інш.
Да гэтай юбілейнай даты 22 чэрвеня ў Вязынскай сельскай бібліятэцы адбылася прэзентацыя кніжнай выставы «Заўсёды ў памяці народнай». Там чытачы пазнаёміліся з біяграфіяй празаіка і яго самымі вядомымі творамі, у якіх адлюстроўваецца барацьба беларускага народа з акупантамі, а таксама маральны выбар чалавека ў найбольш драматычныя моманты жыцця.