Шаноўныя чытачы! Беларускай паэтэсе, удзельніцы нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі на Вілейшчыне Ганне Аляксееўне Новік, 25 сакавіка споўнілася б 110 год. У сучасным літаратуразнаўстве яе імя ўзгадваецца рэдка. Яно і зразумела – завоблачных вяршынь у творчасці яна не дасягнула. Аднак для Вілейскай зямлі Ганна Аляксееўна стала асобай знакавай і памятаць пра паэтку мы павінны, тым больш, што Ганна Новік першай у Вілейцы была прынята ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. У 2014 годзе нашай дзяржаўнай установе культуры прысвоена імя Ганны Новік, таму бібліятэкі Вілейшчыны выступаюць своеасаблівым захавальнікам культурнай памяці паэткі.
Аддзел бібліятэчнага маркетынгу вядзе віртуальную старонку, прысвечаную Ганне Новік, першы запіс якой з’явіўся ў снежні 2015 года.
Да 110-годдзя паэткі мы размяшчаем дыск “Барвовае лісце” – гэта творчая работа калектыва аўтарскай песні “Элегія”. У ім змешчаны вершы Ганны Новік у мастацкім чытанні Алега Вінярскага і Таццяны Захарыч, а таксама вершы яшчэ адной вілейскай паэткі Клаўдзіі Дубовік, перакладзеныя на музыку.
Спадзяёмся, што імя Ганны Ноік застанецца ў памяці землякоў і стане адным з незабыўных імён Вілейшчыны.
“Не гавары, што ўсё міне,
Ніколі вечнасць не мінае:
Яе часцінка і ва мне,
Жывая, светлая, зямная”.
(Г. Новік)
Прыемнага ўсім праслухвання!