Напярэдадні Дня праваслаўнай кнігі, які святкуецца 14 сакавіка, чытачы-вернікі Партызанскай сельскай інтэграванай бібліятэкі сёння ажыццявілі паломніцкую паездку ў г. Маладзечна ў Кафедральны сабор Успення Прасвятой Багародзіцы. Там яны атрымалі ўнікальную магчымасць пакланіцца каўчэгу з часцінкай Пояса Прасвятой Багародзіцы і часцінкамі мошчаў святых праведнікаў Іакіма і Ганны – бацькоў Прасвятой Багародзіцы, дакрануцца да духоўнай гісторыі і адчуць святую прысутнасць.
Паводле царкоўнага падання, Прасвятая Багародзіца саткала пояс з вярблюджай воўны і напярэдадні сваёй смерці аддала яго святому апосталу Фаме разам са сваёй рызай. Да IV стагоддзя адзенне Прасвятой Багародзіцы перадавалася з пакалення ў пакаленне спадчыннікамі дзвюх іерусалімскіх удавіц, якія атрымалі іх ад святога апостала Фамы.
Затым пояс і рызу перанеслі ў Канстанцінопаль разам з мошчамі праведных Іакіма і Ганны (бацькоў Багародзіцы) і запячаталі ў залаты каўчэг. Толькі праз некалькі стагоддзяў па блаславенні Канстанцінопальскага Патрыярха Іакіма II яго адкрылі. З такой просьбай да Патрыярха звярнуўся імператар Леў Мудры, жонка якога пакутавала ад апантанасці нячыстым духам. Пояс Багародзіцы дапамог імператрыцы вылечыцца. У якасці падзякі Госпаду яна вышыла святыню залатой ніткай.