17 чэрвеня адбылося свята вёскі Вітаўцы Вілейскага раёна. Гасцямі свята сталі мясцовыя жыхары іх дзеці, унукі і праўнукі тых, хто жыў у вёсцы, якія прыехалі з розных куткоў Беларусі. Яны ж, былыя і цяперашнія жыхары вёскі Вітаўцы, сталі аб’ектам увагі на свяце і галоўнымі яго героямі.
Вядучы на пачатку прыпомніў гасцям, адкуль імя вёскі. У кнізе “Памяць” вёска Вітаўцы тлумачыцца імем Віт і ўпамінаецца з 1765 года, вёска ўваходзіла ў маёнтак Даўгінава, уласнасць Бенядзікта Каменскага. Гэта былі тры двары уніяцкія. У 1800 г. налічвае 8 двароў, 43 жыхары.
У 1838 г. вёска ў Даўгінаўскай вясковай гміне, 36 двароў, 170 жыхароў.
Вёсачка маленькая, але нават у маленькай вёскі можа быць вялікая гісторыя, са сваімі падзеямі, фактамі, асобамі… На працягу свята і адбывалася раскрыццё найбольш цікавых старонак з жыцця вёскі і яе людзей, якія жылі тут раней і жывуць сёння. Была аддадзена даніна павагі знакамітым землякам.
Хвілінай маўчання ўдзельнікі свята ўшанавалі памяць удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, успомніўшы імёны тых, хто абараняў свой родны край. І былых аднавяскоўцаў, каго сёння няма.
На свята сабраліся прадстаўнікі роду былога ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Казіміра Дубаневіча. Да землякоў звярнуўся са словамі віншавання са святам і падзякі арганізатарам свята за магчымасць сустрэцца з землякамі сын Станіслаў. А праўнук Андрэй праспяваў песню пра Беларусь.
Сёння і ва ўсе часы галоўным багаццем роднай вёскі былі людзі, якія шчыравалі ў гаспадарцы, на палетках, на фермах, у клубе, бібліятэцы, школе, аддаючы ўвесь запал сваёй душы справе і не задумваючыся над тым, што сваёй працай множылі славу не толькі вітаўскай зямлі, але і ўсяго раёна. Успомнілі Пагуда Марыю Карпаўну, дэпутата Вярхоўнага Савета БССР, кавалера ордэна Леніна, якая некалі ўзначальвала брыгаду “Вітаўцы”. А ўраджэнка вёскі Савіцкая Тэрэза з павагай і цеплынёй успомніла сваіх падначаленых- даярак і жывёлаводаў мясцовай фермы. Іх работа патрабавала многа сілы: рана ўстаць, позна легчы. Але яны паспявалі усё: і дзяцей дагледзець, і сваіх пажылых бацькоў, і гаспадарку. Іх добрасумленная праца была заўсёды прыкладам для моладзі.
І сем’і былі немалыя. У многіх з іх гадавалася пяцёра і шасцёра дзяцей. Гэта сем’і Ляшковіч Валеркі і Ігнася, Дубаневіча Юзафа і Гэлькі, Дубаневіч Ніны і Валодзі, Булко Браніслава і Станіславы і інш. З цеплынёй гаварылі пра сваіх бацькоў Ірына Ляшковіч, Валянціна Булко, Ганна Дубаневіч, Таццяна Дубаневіч.А самаму старэйшаму жыхару Дубаневічу Юзафу нядаўна споўнілася 90 год. Самай малодшай Фонташ Анастасіі – 3 гады. Старшыня Даўгінаўскага сельскага савета Аляксандр Маліноўскі ўручыў ім падарункі. А таксама адзначыў лепшыя падвор’і, гаспадары якіх Шышчанковы і Алешка таксама атрымалі падарункі. Адзначылі падарункамі і дзвюх жанчын-старажыл, якія прысутнічалі на свяце – Дубаневіч Ніну Андрэеўну і Канэцкую Ванду Ігнацьеўну.
Цэнтрам культуры для вяскоўцаў былі клуб і бібліятэка. З цеплынёй успаміналі кіраўніка ўсіх свят Гурновіч Яўгенію Адольфаўну – чалавека высокай культуры, маральнай чысціні, добрай, уважлівай і чулай да людзей, якая заўсёды імкнулася ў той час зрабіць жыццё вітаўчан цікавым, разнастайным, хоць пражывала ў суседняй вёсцы Залазоўе.
Успомнілі пра пачатковую школу, якая дала пуцёўку ў жыццё не толькі вітаўчанам. А сеялі разумнае, добрае, вечнае Лапінская Софія Авяр’янаўна, Юркевіч Тамара Іванаўна, Юркевіч Іван Іванавіч, Кратовіч Ніна Пятроўна. Многія з іх выхаванцаў выбралі прафесію настаўніка.
Змяніўся твар вёскі Вітаўцы за некалькі апошніх гадоў! Ціха і хораша ў гэтым ужо напаўпустым куточку…
Ужо амаль згублена тое хараство сялянскага жыцця і быту, ужо не вернеш тыя імгненні. Яны захаваліся толькі ў памяці. І ад усведамлення гэтага неяк цісне ў грудзях, сумна робіцца. На жаль, не адна наша вёска такая. Шмат іх стала. Дажываюць свой век хаты, пакінутыя калодзежы засыхаюць, двары зарастаюць … І ў той жа момант ужо не цяжка ад усведамлення, што вёсачка мая, такая любімая і родная, не стаіць на шляху да знікнення… Яе трымаюць нашчадкі, яе аднаўляюць так называемыя дачнікі. І яны ўжо нашы, вітаўчане. Дык жа жыві, наша вёсачка! У табе — нашы лепшыя ўспаміны, шчаслівыя і бесклапотныя гады, чароўныя імгненні. Ты адна такая ва ўсім свеце! Бо – наша…
А потым усе ўдзельнікі і госці свята сабраліся за гасцінным сталом. Дзень аказаўся кароткім, не хапіла часу на ўсе ўспаміны.
Каб свята адбылося яркім, запамінальным, кранаючым душы і будзячым успаміны, для гэтага шмат папрацавалі дырэктар Даўгінаўскага сельскага Дома культуры Алена Гойлік са сваімі артыстамі ( аповед пра жыццё-быццё вёскі суправаджаўся музычнымі паузамі), бібліятэкар Даўгінаўскай сельскай інтэграванай бібліятэкі Іна Лісіца (віктарына “Знаўцы роднага краю” і кніжная выстава “Малая радзіма – вялікая любоў”), бібліятэкар Партызанскай сельскай інтэграванай бібліятэкі Майхерская Галіна Іванаўна (прэзентавала сваю кнігу “Тут крынічка мая, тут бацькоўскі выток. Вітаўцы: гісторыка-краязнаўчыя матэрыялы”) і, канешне, самі жыхары вёскі Вітаўцы, якія вылучаюцца сяброўствам, шчырасцю, улюбёнасцю ў жыццё і сваю малую радзіму.
Аўтар: бібліятэкар Партызанскай сельскай інтэграванай бібліятэкі Майхерская Галіна Іванаўна
Фотаздымкі Валерыя Курыцкага