
За апошнія некалькі гадоў у аграгарадку Лыцавічы стала добрай традыцыяй праводзіць народнае свята – Дзень вёскі. Суботні дзень, 20 жніўня, выдаўся сонечным, як быццам бы ведаў, што ў жыхароў аграгарадка свята. Да гэтай урачыстасці супрацоўнікі клуба і бібліятэкар Чурленскай сельскай бібліятэкі рыхтаваліся загадзя, вельмі сур’ёзна і ўдумліва, каб нічога і нікога не забыць. З раніцы на плошчы перад Лыцавіцкім сельскім Домам культуры разгарнуліся гандлёвыя рады, з дынамікаў чулася музыка. Дзецям была прадастаўлена магчымасць паскакаць на батуце, пакатацца на машынках, паласавацца папкорнам і салодкай ватай. І куды ні глянь, шчаслівыя твары людзей, якія пакінулі на некалькі гадзін паўсядзенныя сельскія клопаты. Прыбраныя вяскоўцы парамі, сем’ямі і паасобку ішлі да сельскага Дому культуры, упрыгожанага шарамі, кветкамі, зялёнымі галінкамі.