
Работа з духоўнай літаратурай не толькі накірунак дзейнасці бібліятэкі, а набліжэнне людзей да вялікага пласта культурнай спадчыны, якога яны доўгі час былі пазбаўлены. Задача супрацоўнікаў райбібліятэкі складаецца ў тым, каб маральныя і грамадзянскія каштоўнасці змясціць у цэнтр адукацыі і выхавання, развіць духоўна-маральны патэнцыял народа. Праз выдавецтва Беларускага Экзархата бібліятэка штогод папаўняе кніжны фонд выданнямі праваслаўнай тэматыкі.
Ужо трэці раз бібліятэкары цэнтральнай бібліятэкі прымаюць удзел у літаратурна-музычным фестывалі “Светлае слова”, які праходзяць у Вілейскім раёне ў верасні-кастрычніку і з’яўляецца адной з найцікавейшых падзей восені бягучага года для жыхароў горада і раёна. Удзел у гэтым фестывалі бяруць абавязкова і прадстаўнікі духавенства – людзі, якія з’яўляюцца сапраўднымі носьбітамі праваслаўных традыцый.
Духоўна-асветніцкі кірунак вызначальны ў дзейнасці цэнтральнай бібліятэкі. Займаючыся духоўным выхаваннем чытачоў супрацоўнікі бібліятэкі імкнуцца ўмясціць у гэту дзейнасць як мага больш напрамкаў: гэта і фарміраванне патрыятычнага выхавання, і садзейнічанне распаўсюджванню здаровага ладу жыцця, і работа з сям’ёй, і развіццё цікавасці да каштоўнасцей праваслаўнай культуры і інш. Шляхам рэкамендацыі чытачу лепшых узораў духоўнай літаратуры бібліятэкары стараюцца дапамагчы адрадзіць у грамадстве лепшыя духоўныя традыцыі, выхаванне ў чытачоў мастацкага густу і чытацкай культуры.
Вось і 22 верасня навучэнцы Ільянскага дзяржаўнага аграрнага каледжа мелі магчымасць паслухаць мясцовага святара протаіерэя Сергія Вапчугава, пазнаёміліся з кніжнымі выставамі раённай цэнтральнай бібліятэкі “Духоўная спадчына”, “Праваслаўе – шлях да сэрца”, “Друкарскі двор бібліятэкі”. Супрацоўнік бібліятэкі правяла цікавы агляд літаратуры ля кожнай выставы, адказала на пытанні слухачоў.
Аўтар: Тонкавіч Людміла Уладзіміраўна, загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі Цэнтральнай раённай бібліятэкі