
Кандрат Крапіва – адзін з буйнейшых прадстаўнікоў беларускай літаратуры. Выдатны мастак слова, ён узбагаціў беларускую літаратуру шматлікімі творамі, разнастайнымі па жанру і тэматыцы, у якіх адлюстроўваў жыццё нашай краіны на розных этапах яе гісторыі. Асабліва вялікая заслуга яго ў развіцці сатырычных жанраў, у развіцці беларускай байкі і драматургіі.
Кандрат Крапіва (Кандрат Атраховіч) нарадзіўся 5 сакавіка 1896 года ў вёсцы Нізок на Уздзеншчыне.
Школьную адукацыю будучы пісьменнік атрымаў у вясковай школе, затым – у вучылішчах ва Уздзе, Стоўбцах і Койданаве (цяпер Дзяржынск). У Кандрата была выдатная памяць: сучаснікі ўспаміналі, што яму дастаткова было раз прачытаць альбо пачуць нешта – і ён мог паўтарыць. Магчыма, гэта дазволіла хлопцу экстэрнам здаць экзамены на народнага настаўніка. Але спраўдзіцца марам працаваць з вучнямі не ўдалося: адна за адной грымелі войны, рэвалюцыі – і кожная пакінула след у лёсе будучага класіка.
У 1915 годзе Кандрат Атраховіч быў прызваны ў царскую армію, у 1916 годзе трапіў на Заходні, затым на Румынскі фронт. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі быў дэмабілізаваны як настаўнік і вярнуўся на Радзіму, уладкаваўся ў школу вёскі Каменка на Уздзеншчыне. Тут ажаніўся са сваёй зямлячкай з вёскі Нізок Аленай Махнач, з якой пражыў 45 гадоў, выгадаваў чацвярых дзяцей.
У 1920–1923 гадах зноў трапіў на службу, толькі ўжо ў Чырвоную Армію. Пасля дэмабілізацыі, папрацаваўшы вясковым настаўнікам, Кандрат Атраховіч пераехаў у Мінск.
У літаратуру Кандрат Крапіва прыйшоў бліжэй да 1920-х гадоў, калі ў літаратуразнаўчых спрэчках акрэсліліся «дзве мастацкія плыні – нацыянальна-адраджэнская і пралетарска-рэвалюцыйная» (Ірына Багдановіч).
Пачынаў пісьменнік як лірык – мастак «сусветнай тугі», нават лічыў сатыру нечым несур’ёзным. Але з гадамі прыйшло жаданне «ўмяшацца ў жыццё і тое-сёе паправіць» – і адкрыўся талент «пякучкі-крапівы»: у байках, паэмах, артыкулах аўтар даў бой ворагам усяго беларускага.
Адным з першых зборнікаў гумару і сатыры Кандрата Крапівы стала кніга «Асьцё», што ўбачыла свет у бібліятэчцы «Маладняка». Таксама Кандрат Крапіва выступаў супраць звароту старэйшых пісьменнікаў да сівой даўніны і навамодных захапленняў формай маладнякоўцаў. Згодна павевам савецкага часу пільную ўвагу ён надаваў развенчванню «рэлігійных забабонаў». У 1930-я гады – «перагібам » у калектывізацыі: «Лозунг кінуў ён такі: // «Ці калгас, ці Салаўкі» (паэма «Хвядос – Чырвоны нос»).
Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта загадваў аддзелам у часопісе «Полымя рэвалюцыі» (цяпер часопіс «Полымя»). У верасні 1939 года ўдзельнічаў у паходзе ў Заходнюю Беларусь, затым – у вайне з Фінляндыяй. На Вялікую Айчынную вайну Крапіва трапіў з першага ж яе дня – у рэдакцыю газеты «Чырвонаармейская праўда», потым – газеты «За Савецкую Беларусь». У ваенны перыяд паэт выкрываў фашысцкую ідэалогію (вершы «Фрыцавы трафеі», «Біблія людаеда»), сцвярджаў маральную перавагу савецкага чалавека (драма «Проба агнём»).
З 1943 года перайшоў рэдактарам у сатырычную газету-плакат «Раздавім фашысцкую гадзіну», якая пасля вайны стала часопісам «Вожык». У гэтым выданні і працягваў рэдактарскую дзейнасць да 1947 года.
Пасля 1947 года Кандрат Кандратавіч прыйшоў у навуку – абараніў кандыдацкую, доктарскую дысертацыі, загадваў сектарам мовазнаўства ў Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва, затым узначаліў Інстытут мовазнаўства Акадэміі навук БССР, а ў 1956 годзе стаў віцэ-прэзідэнтам акадэміі. У 1982-1989 гадах лінгвіст працягваў працу ў якасці навуковага супрацоўніка-кансультанта. Вучні і зараз карыстаюцца «Беларуска-рускім слоўнікам», пяцітомным «Тлумачальным слоўнікам беларускай мовы», рэдактарам якіх быў Кандрат Атраховіч (Кандрат Крапіва) – вядомы байкапісец, драматург і навуковец.
Кандрату Крапіве былі адмераны лёсам доўгія 95 гадоў, яму наканавана было перажыць жонку, дзяцей і амаль усе войны ХХ стагоддзя.
Творчасць Кандрата Крапівы была ацэнена высокімі ўзнагародамі: драматург стаў тройчы лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР: у 1941 годзе – за сатырычную камедыю «Хто смяецца апошнім», у 1951-м – за лірычную камедыю «Пяюць жаваранкі», у 1971-м – за комплекс прац у галіне беларускай лінгвагеаграфіі. У 1974 годзе стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы – за фантастычную камедыю «Брама неўміручасці». У 1956 годзе Кандрату Крапіве было прысвоена званне народнага пісьменніка БССР.