
29 студзеня ў Вілейскім аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў адбылася прэзентацыя новай кнігі Барыса Манцэвіча “Дарога ў журналістыку”, якая пабачыла свет намаганнямі супрацоўнікаў аддзела абслугоўвання і інфармацыі ДУК “Вілейская РЦБ імя Г.Новік”. Усяго супрацоўнікамі бібліятэкі выдадзена 5 кніг творцы ў рамках праекта “Чытаем кнігі мясцовых аўтараў”. Кніга складзена з дзённікавых запісаў аўтара, запісаў цікавых, адкрытых, простых. Цікава расказвае Барыс Манцэвіч пра свае ўражанні ад пачатку самастойнай працы ў Вілейскай газеце і знаёмства з тагачасным рэдакцыйным калектывам. У матэрыялах, прысвечаных Вілейшчыне, аўтар расказвае многа таго, што будзе цікава кожнаму, хто неабыякавы да гісторыі нашага краю і яго людзей. Бібліятэкар Яніна Гуліцкая павіншавала Барыса Флоравіча з днём нараджэння і пажадала далейшых творчых поспехаў, падзялілася сваімі ўражаннямі ад працы над кнігай.