Ці патрэбна кніга чалавеку? Пытанне, на першы погляд, гучыць парадаксальна. Але менавіта ў такім кантэксце яно абмяркоўвалася на інтэрактыўнай пляцоўцы ў Вілейскім Цэнтры эстэтычнага выхавання.
Мерапрыемства праходзіла ў рамках другога раённага фестывалю » Светлае слова». А большасць яго ўдзельнікаў склалі навучэнцы Вілейскага дзяржаўнага каледжа. У адкрытым дыялогу-дыскусіі абмяркоўвалася роль кнігі ў жыцці сучаснага чалавека. Тая роль, якая ўвогуле нібыта і не аспрэчваецца і тым не менш губляецца з-за ўкаранення ў наша жыццё электронных сродкаў інфармацыі. Цікава было назіраць, як спакваля тухлі сінія люстэркі дысплеяў у мабільніках – і непаддзельнай цікавасцю да прадмету абмеркавання запальваліся юначыя вочы. Дырэктар цэнтра Таццяна Захарыч называла імёны людзей, аўтараў кніг пра Вілейку і Вілейшчыну. Яны, так бы мовіць, на слыху. Хто не чуў «Край верасовы» на словы паэта Івана Лашуткі? Песня стала сапраўдным шлягерам і своеасаблівай візітнай карткай нашага краю. Творы Івана Лашуткі і іншых вядомых аўтараў прадстаўлены на творчай выставе, арганізаванай у актавай зале цэнтра. Яны сталі арыгінальным абрамленнем работ мастачкі Веры Каўзановіч. І своеасаблівай ілюстрацыяй самой тэмы абмеркавання.
Кліпавы склад думак, які замацоўвае ў чалавеку інтэрнэт, скасоўвае наш эмацыянальны інтэлект, – сцвярджае Вікторыя Бохан, метадыст раённай бібліятэкі імя Ганны Новік. Сухая, урыўкамі прыпаднесеная інфармацыя адвучвае нас суперажываць, робіць звычайнымі спажыўцамі прадукта, пазбаўленага вобразнага «смаку».
– Якія нашы лепшыя якасці дапамагае развіваць кніга?
Лагічнае і асацыятыўнае мысленне, вобразнае ўспрыняцце рэчаіснасці, інтэлект, адукаванасць… – Удзельнікі абмеркавання прапаноўваюць свае версіі. І ўсе яны, як кажуць, маюць права быць. Аказваецца, кнігі дапамагаюць змагацца са стрэсамі, псіхічнымі расстройствамі і забяспечваюць найбольшую дакладнасць інфармацыі.
Пра гэтыя і іншыя якасці кнігі разважае іерэй Уладзімір Ганчарук, адказваючы на пытанне аб значэнні яе ў жыцці чалавека і менавіта ў яго асабістым. З пакалення ў пакаленне бабулі чытаюць унукам казкі. Традыцыя непераходзячая. Як бы ні развіваліся электронныя сродкі, неад’емнай прыкметай духоўнага дабрабыту сям’і будзе кніга ў руках маленькага чалавека, калі ён яшчэ нават не ўмее чытаць, а толькі пазнае ў ілюстрацыях акаляючы свет.
А яшчэ былі развагі аб чысціні слова. Таго, што нясе нам ісціну ў вобразе Ісуса Хрыста, якое таму нельга паласкаць у моўным брудзе. Трэба несці яго па жыцці як каштоўнай чысціні крышталь, не апаганьваць, не засмечваць брыдкаслоўем, – заўважыў святар.
Арганізатары прапанавалі прысутным відэаролік аб гісторыі беларускага кнігадрукавання і забаўляльную віктарыну. Юныя ўдзельнікі інтэрактыўнай пляцоўкі не губляліся, а давалі ўпэўненыя адказы на пытанні, звязаныя з паняццем «кніга», адным з галоўных прадметаў нашага духоўнага ўжытку. Прадметам, без якога сёння нельга ўявіць сабе развіццё і само існаванне чалавечай цывілізацыі.
Марыя РАМАНАВА, кіраўнік клуба «Юны журналіст» Вілейскага каледжа/Фота аўтара
Па матэрыялах: https://www.peramoga.by/kultura/vobrazny-smak-slova/