
Пад такой назвай у раённай цэнтральнай бібліятэцы адбылася літаратурная вечарына памяці да 105-годдзя з дня нараджэння Г.А. Новік.
Прыхільнікаў таленту Ганны Аляксееўны нямала на Вілейшчыне. Аб гэтым сведчыла шматлікая колькасць людзей, што сабраліся ў чытальнай зале.
Вядучая мерапрыемства бібліятэкар 1 катэгорыі Наталля Каскевіч адразу настроіла ўсіх прысутных на цёплую і задушэўную размову.
Літаратурную сустрэчу адкрыла загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі Людміла Тонкавіч, якая зазначыла, што ў 2014 годзе раённай цэнтральнай бібліятэцы было прысвоена імя Ганны Новік. Гэта ініцыятыва была падтрымана шырокім грамадствам. Прысваенне імя – гэта вялікае свята для чытачоў, вялікая праца і адказнасць для бібліятэкі. З аднаго боку, гэта прымнажае славу мясцовай паэткі, а з другога – павышае статус бібліятэкі, дае новы імпульс у яе развіцці.
Акрамя таго, імя чалавека, як і бібліятэкі, выступае своесаблівым захавальнікам культурнай памяці. Імя выступае інструментам зберажэння традыцый. Бібліятэка, якая носіць імя таленавітай зямлячкі, пазіцыяніруе сябе як прадаўжальніка яе справы.
У 2014 годзе на святкаванні 100-годдзя з дня нараджэння Ганны Новік яе сябра Мікалай Арсеньевіч Судніковіч прапанаваў выдаць кнігу пра яе, у якой бы змясціліся і творы паэткі, і расказ пра яе. Сабраць, сістэматызаваць яе творы – гэта, на думку Мікалая Арсеньевіча, трэба нам, яе паслядоўнікам. Каб шанаваць, памятаць, ганарыцца.
І супрацоўнікі бібліятэкі выканалі гэты наказ.
Прыемным сюрпрызам для ўсіх стала прэзентацыя кнігі “Жыццё. Лёс. Памяць” – вялікая грунтоўная работа супрацоўнікаў аддзела абслугоўвання і інфармацыі, асабліва бібліёграфа 1 катэгорыі Яніны Гуліцкай. Гэтае выданне – даніна павагі да знакамітай зямлячкі, якое змяшчае біяграфічныя звесткі, творы Ганны Новік, якія ўвайшлі ў яе зборнікі вершаў, ненадрукаваныя матэрыялы, артыкулы, успаміны землякоў і вершы, прысвечаныя ёй.