Цікава ведаць!
Аграгарадок Крывое Сяло знаходзіцца ў 10 кіламетрах на паўночны ўсход ад горада Вілейка. Аграгарадок стаіць на паўночным беразе Вілейскага вадасховішча. Да паўднёвага ўскрайку аграгарадка Крывое Сяло прымыкае вёска Касута.
У 1868 годзе ў Касуце была пабудавана мураваная царква св. апосталаў Пятра і Паўла ў псеўдарускім стылі.
Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя чатырохчасткавая:трох’ярусная званіца, прамавугольны ў плане бабінец, кубападобны асноўны аб’ём, нізкая паўкруглая апсіда. Шатровае пакрыццё званіцы і чатырохсхільны дах асноўнага аб’ёму завершаны цыбулепадобнымі галоўкамі на васьмігранных барабанах. Галоўныя і бакавыя ўваходы вырашаны арачнымі праёмамі, якія аформлены парталамі, галоўны вылучаны трохвугольным франтонам.
Сцены прарэзаны арачнымі вокнамі з руставанымі імпастамі.У аздабленні будынка выкарастаны формы старажытнарускага дойлідства: кілепадобныя аркі, аркатурныя паясы, філёнгі, лапаткі, прафіляваныя карнізы. Пабеленыя элементы архітэктурнага дэкору кантрастна вылучаюцца на фоне паліхромнай бутавай муроўкі. У інтэр’еры аб’ёмы звязаны паміж сабой шырокімі арачнымі праёмамі. Бабінец і асноўны аб’ём перакрыты люстранымі скляпеннямі драўлянай канструкцыі, асіда – конхай.
Праваслаўная капліца
Капліца пабудавана ў канцы 18 ст. з цэглы і дрэва. Над прытворам узвышаецца чатырохвугольная драўляная званіца, накрытая васьмігранным шатром з невялікай цыбулепадобнай галоўкай і каваным узорыстым крыжам. Вокны паўцыркульныя. Капліца – помнік народнага дойлідства.
Мемарыяльны камень у гонар Піліпа Орліка
У Касуце ў 1672 г. нарадзіўся Піліп Орлік. Ён хадзіў у школу пры базыльянскім манастыры. Вядомы як гетман і аўтар першай канстытуцыі Украіны.