Сеть публичных библиотек Вилейского района
Наш адрес: г. Вилейка, ул. Водопьянова, 21. Тел. (8-01771) 5-56-56
E-mail: biblio@vileyka.gov.by

Жыцця залаты лістапад

Дзяржаўная ўстанова культуры “Вілейская раённая цэнтральная бібліятэка імя Ганны Новік” неаднаразова станавілася пляцоўкай для творчых сустрэч з мясцовымі паэтамі. Тут з 2014 года рэалізоўваецца праект “Чытаем кнігі мясцовых аўтараў” з мэтай абудзіць гістарычную памяць, выхаваць павагу да роднага краю, пісьменнікаў-землякоў і да айчыннай літаратуры. У гэтым годзе матэрыялы праекта мы накіравалі на 25-ы рэспубліканскі конкурс “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры” і ў намінацыі “За падтрымку і развіццё чытання” атрымалі першае месца.

Напрыканцы кастрычніка ў межах праекта “Чытаем кнігі мясцовых аўтараў” адбылася прэзентацыя кнігі Галіны Капцюг “Осень жизни”.

Галіна Ігнацьеўна нарадзілася 16 лістапада 1941 года на Мядзельшчыне. Скончыла Мядзельскую сярэднюю школу, Магілёўскае культпрасветвучылішча, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (філалагічны факультэт). Працавала піянерважатай у Мядзельскім раёне, інструктарам Мядзельскага райкама камсамола, дырэктарам Дома піянераў. З 1968 года жыве ў Вілейцы. Працавала настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў СШ №2, затым намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце СШ №1.

Праца Галіна Ігнацьеўны адзначана граматамі Міністэрства адукацыі БССР, раённага і абласнога аддзелаў  адукацыі, медалём “За працоўную доблесць”. Яна –  выдатнік народнай адукацыі БССР.

Галіну Ігнацьеўну многія ведаюць і паважаюць. Чалавек вельмі таварыскі, цікавы, шануе гісторыю і традыцыі. Жывучы ў Вілейцы, цешыцца прыгажосцю прыроды, займаецца вышываннем.

Сустрэча прыхільнікаў паэзіі атрымалася пранікнённай і добразычлівай. З прывітальнымі словамі выступіла А.І. Гарчакова, кіраўнік літаратурнай гасцёўні “Дамінанта душы”.

– Найперш я хачу павіншаваць Галіну Ігнацьеўну, – сказала яна, – з першай кніжкай вершаў. І хоць яны напісаны ў розны час, але трэба адзначыць, што ў гэты час яна была на заслужаным адпачынку. Быў час падвесці пэўныя вынікі жыцця, успомніць, паразважаць. Але, калі чытаеш вершы, то адчуваеш няўрымслівы характар аўтаркі.

Наогул, кожны чалавек – гэта дрэва. Жыццё Галіны Ігнацьеўны мне ўяўляецца вялікім, моцным дрэвам. Педагагічным дрэвам. Кожнае дрэва мае карані і галіны. Яе дзеці, унукі, праўнук – гэта галінкі гэтага дрэва. Яны маладыя, прыгожыя, імі ганарыцца Галіна Ігнацьеўна, любіць іх, шануе, яны – яе  моц, яе жыццё.

“Гэты зборнік я пісала для дзяцей, няхай ведаюць, помняць, як жыве, чым захапляецца іх бабуля”, – адзначыла мне Галіна Ігнацьеўна.

Галіна Ігнацьеўна вельмі актыўны чалавек. Яна спявае ў хоры, вакальнай групе “Надзея”, наведвае тэатры, ездзіць у экскурсіі, не прапускае цікавыя мерапрыемствы – усё гэта яе жыццё. Таму і вершы яе пра гэта, усё пакідае след у няўрымслівым характары паэткі.

Нарадзілася Галіна Ігнацьеўна ў 1941 годзе. Яе дзяцінства зведала і голад, і холад. Таму і вершы пра ветэранаў вайны, пра дзяцей вайны, не пакідаюць абыякавымі чытача.

Хачу адзначыць афармленне зборніка і яго дызайн. Наяўнасць фотаздымкаў з жыцця аўтара значна ажывілі змест, дапамаглі зразумець прычыну з’яўлення твора, а чытачам пазнаёміцца з цудоўнай дынастыяй Капцюгоў і Барысевічаў. Гэта настаўнікі, якіх ведаюць землякі, а многія вучыліся і вучацца ў іх сёння.

Цікавым і захапляльным было выступленне аўтара кнігі. Галіна Ігнацьеўна расказала прысутным, як склаўся яе жыццёвы і творчы лёс, як нараджаюцца яе вершы. Яна распавяла пра малую радзіму, бацькоў, дзяцей і ўнукаў. Відэапрэзентацыю, сатканую з вершаў Галіны Ігнацьеўны, пранікнёна прадставіла дачка Вольга Уладзіміраўна. Вельмі лірычна ў яе выкананні гучалі і вершы маці.

Значнасць развіцця літаратурных традыцый для будучыні нашага раёна зазначыла Ганна Шэпелева, старшыня савета ветэранаў Вілейскага раёна. Эстафету віншаванняў з нагоды выхаду кнігі прадоўжылі сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Зінаіда Губарава-Крупская, Лілія Мароз, Вера Сепселева, Вера Лашутка, Наталля Каскевіч, Людміла Пукела. Сваімі ўражаннямі пра кнігу падзяліўся і Уладзімір Цанунін.

Спадзяёмся, што паэтычны зборнік Галіны Капцюг “Осень жизни” не застанецца без увагі чытачоў. Гэту кнігу можна будзе знайсці ў раённай цэнтральнай бібліятэцы імя Ганны Новік.

Людміла Тонкавіч , загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі

ДУК “Вілейскай раённай бібліятэкі імя Г.Новік”// Шлях перамогі. – 2017. – 11 лістапада. – с. 16. — № 88.

Share
Вы можете оставить комментарий, или ссылку на Ваш сайт.

Оставить комментарий