У паўсядзённым кругавароце сучаснага жыцця не так многа застаецца часу, каб спыніцца, прыслухацца да сябе, задумацца i пераасэнсаваць пражытае. Думкі ўвесь час лятуць уперад, у будучыню. Планы, памкненні, няспынны вip… Давайце глянем навокал, павучымся мудрасці ў прыроды. Перш чым абудзіцца да новага жыцця, узарвацца рознакаляровасцю фарбаў i гоманам соцень розных галасоў, яна замірае, нібы прыслухоўваецца да сябе, да глыбінь Зямлі. Вось i нам, напэўна, належыць так зрабіць. Тым больш, што гэтай парой у большасці насельніцтва нашай краіны ідзе перадвелікодны пост.
Здаўна людзі стараліся гэтай парой больш маліцца, займацца духоўнай справай, разважаць пра вечнае i высокае, аналізаваць або нешта паправіць у сваім жыцці. Словам, духоўнае станавілася галоўным клопатам, галоўнай мэтай. Вось i цяпер нашы сучаснікi спрабуюць не згубіць тую традыцыю. У рамках правядзення праваслаунай царквой Дня беларускай пісьменнасці прайшла літаратурна-паэтычная сустрэча “Аб духоўным, аб вечным”. У Ерхаўскім сельскім клубе разам з сельскай бібліятэкай Жаннай Андрыеўскай i Марынай Юркевіч была праведзена сустрэча, на якую былі запрошаны настаяцель Рэчкаўскай Свята-Духавай царквы айцец Валянцін са сваім сынам. У госці з Мінска прыехалі таксама паэтэса Марына Ігнатовіч з сынам. Сёлетні год асаблівы ў нашай гісторыi. 1517 год – пачатак эпохі беларускага кнігадрукавання, што звязана з дзейнасцю беларускага першадрукара, асветніка, пісьменніка, грамадскага дзеяча Францыска Скарыны. Ён першы праспяваў гімн беларускай мове, пераканаў чытачоў у яе грамадскай i духоўнай каштоўнасці. У гэтым годзе мы святкуем 500-годдзе вялікай даты, якая змяніла свет. У пачатку выступлення настаяцель Валянцін Пяшко распавёў пра кнігадрукаванне на Беларусі, першыя кнігi Ф. Скарыны, пра Тураўскае Евангеле, пра грамадскае значэнне першых кніг. Потым выступілі дзеці. У выкананні школьнікаў, навучэнцаў дзяржаўнага каледжа прагучалі вершы, прытчы, песні ў выкананні царкоўнага хора вёскі Рэчкі. Потым выступілі госці з Miнска Марына Ігнатовіч з сынам Андрэем. Яна чытала вершы пад акампанемент гітары, гучала i класічная музыка замежных кампазітараў.
Для ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны Хаванскага Іпаліта Аляксандравіча прагучаў верш, яму былі ўручаны кветкі i сувенір. У заканчэнні свята была ўрачыстая хвілінка. Гэтымі днямі адзначыў дзень нараджэння айцец Валянцін. Прагучалі духоўныя песні i вершы. А ад прыхаджан святара павіншавала Таццяна Лукошка, якая пажадала яму радасці, шчасця i добрай людской удзячнасці.
Усе ўдзельнікі, аднавяскоўцы, людзі іншых вёсак былі задаволены, а гледачы ўдзячныя за гэта мерапрыемства. У заканчэнні быў салодкі стол з посных страваў.
Ад імя жыхароў аграгарадка Ерхі Вольга Фірс
// Шлях перамогі. – 2017. – 1 апреля. – с. 16