Да важнага мерапрыемства, якое прайшло ў мінулую суботу ў Куранцы, рыхтаваліся загадзя. Месцам правядзення свята вёскі стаў парк адпачынку, дзе ў засені высокіх дрэў добра адчуваеш сябе ў сонечны дзень. Усіх, што знайшоў час для свята (а тых, хто не знайшоў, добра разумееш: уборачная ж!) гасцінна сустракалі аформленая пад сялянскую хату сцэна, гульнёвыя пляцоўкі, атракцыёны, выставы-продажы работ нашых землякоў-умельцаў, палаткі з цацкамі і ласункамі для дзетвары… Было прадугледжана, каб на свяце цікавае і патрэбнае знайшоў для сябе чалавек любога ўзросту.
Апранутыя ў нацыянальныя касцюмы гаспадар з гаспадыняй прывіталі гасцей цёплымі словамі – і свята пачалося. Цёплыя словы віншавання і найлепшыя пажаданні знайшоў для аднавяскоўцаў старшыня Куранецкага сельвыканкама Віктар Уліцкі – чалавек, як ахарактарызавалі яго вядучыя, які можа і ў душу зазірнуць, і паспачуваць, і даць параду. Для Віктара Васільевіча за доўгія гады працы гэтая зямля стала ўжо роднай. І людзі, што жывуць і працуюць на ёй, – таксама.
З цікавасцю слухалі прысутныя і выступленне старшага навуковага супрацоўніка Вілейскага краязнаўчага музея Вольгі Коласавай, якая расказала пра гісторыю Куранца. І пра месца ў парку, дзе зараз размяшчаецца пляцоўка, расказала Вольга Аляксандраўна, вярнуўшы прысутных на дзясяткі гадоў назад… Вядомы мастак Леў Альпяровіч, колішні дырэктар БелАЗа Дзмітрый Сыракваш, прафесар Леў Арцімовіч, былы міністр ЖКГ Беларусі Аляксандр Мількота…Гэтыя і многія іншыя знакамітыя людзі нарадзіліся ў Куранцы і адсюль выйшлі ў вялікі свет, сталі вядомымі. А вось ужо гучаць прозвішчы тых, хто, як спяваецца ў вядомай песні, вынес вайну на ўласных плячах. Ім – наша вялікая ўдзячнасць за мірнае сёння нашчадкаў.
На свяце не забыліся і пра тых, хто працуе ў сельскай гаспадарцы. Камбайнер Юрый Русак , механізатар Аляксандр Кляшняк, вадзіцель Мікалай Хаткевіч, жывёлаводы Ірына Полаз, Наталля Шаўчук… Гэтыя і іншыя працаўнікі палёў і ферм пішуць сёння гісторыю Куранца сельскагаспадарчага. Па добрай традыцыі, на свяце віншавалі самага сталага і паважанага жыхара аграгарадка (а гэта Сямён Іосіфавіч Шуберцій) і самую маленькую Соф’ю Ігнатовіч, якой крышку болей за месяц. Не забыліся ўшанаваць маладыя сем’і куранчан, а таксама сям’ю Аляксандра і Святланы Чыкмізавых, якія выгадавалі пяцёра сваіх і дзевяцера прыёмных дзетак. І сацыяльнага работніка з пяцідзесяцігадовым стажам, першую памочніцу нямоглых і старэнькіх Людмілу Мілер – таксама. Адзначаліся сямейныя пары, якія многа гадоў ідуць па жыцці разам, жывуць дружна і годна. Роза і Канстанцін Томкавічы, Ігар і Святлана Сабінскія, Барыс і Ганна Цыбулькіны, Уладзімір і Валянціна Яхімовічы, Сяргей і Лілія Сабінскія. Ды і старшыню сельвыканкама Віктара Уліцкага разам з яго жонкай Таццянай павіншавалі з саракагоддзем іх сям’і. Прымалі віншаванні і ўсе куранецкія юбіляры, для якіх знайшлося многа цёплых слоў.
Як і звычайна бывае на святах вёскі, былі названы гаспадары лепшых падвор’яў (такімі прызнаны М. А. Ільюшчанка і Л. Л. Лук’янава), а таксама арганізацыя-пераможца конкурсу на самую добраўпарадкаваную тэрыторыю – такой прызнаны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў. Падарункі, кветкі і добрыя музычныя віншаванні, якія ўручалі не толькі самадзейныя артысты куранецкага сельскага клуба, але і іх калегі з Ільі і Селішча. Што і казаць, яны – спевакі, танцоры, гумарысты – зрабілі гэты дзень сапраўды святочным і запамінальным.
Калі я пакідала Куранец, на лавачцы ў парку ўбачыла чародку прыгожых дзетак. Вось яна – новая змена тых працавітых людзей, якія ўшаноўваліся. Расціце дастойнымі іх, маленькія куранчане!
Ірына БУДЗЬКО. // Шлях перамогі. — 2016. — 23 августа