Сеть публичных библиотек Вилейского района
Наш адрес: г. Вилейка, ул. Водопьянова, 21. Тел. (8-01771) 5-56-56
E-mail: biblio@vileyka.gov.by

М. Кузаўкіна “ЖЫВАЯ, СВЕТЛАЯ, ЗЯМНАЯ…” Да 100-годдзя з дня нараджэння Ганны Новік

АД АЎТАРА: Гэты нарыс пра Ганну Новік, нашу зямлячку,члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, увайшоў у кнігу “Вяртанне” – зборнік публіцыстыкі, выданне якога прымяркоўвалося да 60-годдзя раёнкі. Кніга была выдадзена тыражом усяго ў 500 экземпляраў і сёння ўжо стала свайго роду бібліяграфічнай рэдкасцю. Таму хочацца менавіта ў гэтыя сакавіцкія дні, калі мы будзем адзначаць 100 год з дня нараджэння найбольш яркай творчай асобы вілейскага краю, скіраваць увагу землякоў на тую нашу духоўную спадчыну,якой мы па-сапраўднаму можам ганарыцца. I запаліць сціплую свечку ў  алтары памяці нашчадкаў. Каб яе полымя ўскалыхнула душу і вярнула яе на нейкае імгненне да родных ваколіц. Бо такой самаахвярнай любоўю, якая палала ў кволым сэрцы паэткі, рэдка хварэюць смяротныя.

Не сакрэт, што ў былыя савецкія часы айчынная паэзія часам схілялася да кан’юктуршчыны, рыфмаваныя радкі прысвячаліся афіцыйным падзеям, датам, мройнаму камуністычнага заўтра, прывіду, які так і не набыў рэальныя абрысы. Не пазбегнула гэтага казённа-прымусовага ўхілу і Ганна Новік. Толькі ў адрозненне ад тых, хто борздзенька скінуў з сябе барвовае ўбранне пад віхурай палітычных ператрусаў, Ганна Новік да скону заставалася вернай сваім ідэйным перакананням. У хвіліны нашай апошняй сустрэчы яна была разгублена-узрушанай. Моўчкі ўзіралася ў пусты белы аркуш на пісьмовым стале. Прызналася, што не ведае, як цяпер будзе пісаць без таго ідэйнага стрыжня, на які, бы на звязваючую ніць, нанізваліся пацеркі-самародкі яе прыроднага таленту. Гэта была сапраўдная трагедыя моцнай асобы, у якой, насуперак яе волі, забралі ідэалы, нічога пакуль не прапанаваўшы ўзамен. Лягчэй тым, хто не мае перакананняў і ўспрымае жыццё ў кантэксце непазбежных рэалій. Цяжка таму, хто верыць.

Так здарылася, што сістэматызаваць у асобныя выданні сваю паэзію і празаічныя творы Ганна Новік не змагла. І першы яе прыжыццёвы паэтычны зборнік – “Мая Вілейшчына” выдадзены на фундатарскія сродкі. I, як напісана ў анатацыі, дзякуючы ініцыятыве і фінансавай падтрымцы дэпутата Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Варашніна. Кніга ўбачыла свет пры непасрэдным удзеле членаў літаратурнага аб’яднання пры Вілейскай гарадской бібліятэцы і яе колішняга дырэктара Раісы Соніч.

Яна паспела яшчэ патрымаць у руках гзта выданне, пагартаць яго старонкі з пахам свежай друкарскай фарбы. Хто не мае дачынення да кагорты творцашукальнікаў, той не зразумее, якая гэта асалода: бачыць аформленым па ўсіх нормах газетнага ці кніжнага дызайну некалі рукапісны варыянт тваіх творчых набыткаў.

Калі чалавек адыходзіць у вечнасць, спакваля пачынаюць забывацца яго аблічча, учынкі, голас… Але неўміручымі і непадуладнымі часу застаюцца радкі:

Не гавары,што ўсё міне,

Ніколі вечнасць не мінае…

Яе часціна – і ва мне,

Жывая,светлая,зямная.

«На паўднёву зелень гаю шмат пытанняў пасылаю. А там толькі вецер вые». Ганне Новік было ўсяго 24 гады, калі нарадзіліся гэтыя радкі. Цнатліва-самотныя, безнадзейна адчайныя. Якія толькі і могуць прыйсці ў галаву юнай дзяўчыне, якую засмактала багна палітычных пературбацый, захліснуўшых у той час прагнучы перадзелу свет. Гэта былі гады паміж 35-ым і 39-ым. Перыяд паміж смерцю маршалака Юзэфа Пілсудскага, пахаванага як нацыянальнага героя Польшчы… I – вызваленчым паходам Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь. Яна, заходняя, знаходзілася на мяжы дзвюх этнічных культур – польскай і беларускай, двух ладаў жыцця, састаўляючых нацыянальны менталітэт, урэшце – дзвюх сацыяльна-эканамічных фармацый.

Падзел гэты не насіў антаганістычны характар, ствараўся знешнімі абставінамі, а не гістарычнымі прадпасылкамі. Зусім побач, размежаваныя некалькімі дзясяткамі метраў прыгранічнай паласы, жылі землякі. I тут, і там нараджалі дзяцей, выхоўвалі іх у духу лепшых славянскіх традыцый, аралі зямлю Вось толькі формы ўласнасці былі розныя. I кожны мусіў прэтэндаваць на права вызначыцца ў прыярытэтах. Кожны з тых думаючых, неардынарных асоб, якімі, нібыта рэдкаю папараць-кветкай, бывае запальваецца ў моманты найвялікшага напружання духу, ніва Айчыны. Ганна Новік была адной з тых шукальнікаў. I ў прадмове да зборніка вершаў «Мая Вілейшчына» так расказвае аб сабе і тых часах, якія сфарміравалі ў ёй ідэйнага байца новай фармацыі:

 – У гарадах было шмат беспрацоўных, якія атрымлівалі грашовую дапамогу, а ў вёсках – шмат жабракоў… Польскія вайскоўцы, якія ўдзельнічалі ў вайне за Беларусь атрымалі лепшыя землі і называліся асаднікамі .Асаднікі не паспявалі апрацоўваць зямлю сваёй сілай і наймалі сялян. Жанчына-маці ў сям’і мела права толькі на сёмую частку маёмасці, а дзяўчаты – ніякіх правоў».

У такія часы Ганна Новік, дзяўчо з маленькай вёсачкі Варонічы, у якой ужо згадвалі  і настаўнікі, і землякі бескампрамісную накіраванасць учынкаў і думак, скончыла сямігодку. Спадзяючыся, што паступіць у гімназію:

«Аднак вучоба, ў гімназіі каштавала вёльмі дорага, і я звярнулася ў Віленскую ўніяцкую, дзе часам прымалі бясплатна. Але туды бралі католікаў, а маё праваслаўнае веравызнанне не падыходзіла. Я звярнулася з просьбай да куранецкага ксяндза, каб ён падрыхтаваў мяне каталічкай…».

Ганна Новік свядома пайшла на гэты рэлігійны кампраміс хутчэй за ўсё, таму, што сваё доўгае жыцце пражыла напачатку ваяўнічай, а пасля проста цярплівай атэісткай. І ва ўсіх творах слова «Бог» пісала з малой літары. Гэта ніколькі не шкодзіла развіццю і станаўленню гуманістычных пачаткаў у яе лірыцы, дзе тэма барацьбы за лепшую долю, ідэал якой яна сабе ўяўляла такім, а не іншым, займае адзін з вызначаных напрамкаў. У ёй акумуляваўся, падмацаваны ідэйнымі перакананнямі, асабісты вопыт паэткі. Набыты ў сям’і бацькоў-наймітаў, вымушаных. прадаваць сваю працу прыватнікам за лусту хлеба. Прычым, бацька Ганны не быў з тых недарэк-няўдачнікаў, якім сам лёс наканаваў жабрацтва. Рамяство яго; – кавальскае – па тых часах было запатрабавана. Але на тым крутым зломе гісторыі ўсё больш тапельцаў круцілася ля бяздоннага віру пад крыжам без надзеі. I многія згінулі ў ім. Але ж былі і тыя, хто выплылі. Хто, нырнуўшы ў слізкую каламуць, знайшоў у сабе сілы адхінуцца ад смуроднага дна. I ўдыхнуць паветра волі:

«Даўно змрок вячэрні ў цемрадзі згінуў,

Ноч чорная хмарай над полем вісіць.

Па хісткіх душою, родная краіна,

Жалобныя крэпы не будзем насіць.

Мы сотнямі станем на месца адзінак,

Зблуканых, чужых табе думкай, жыццём,

Згартуй нашы сілы, з’яднай іх, краіна,

Мы сцяг барацьбы над сабой панясём».

Ганну Новік польскія ўлады не любілі. Яна супрацьстаяла ім сваім адметным ладам думак, сваёй бачнай беларускасцю, імкненнем вырвацца за кола акрэсленай для сялянскіх дзяцей рысы інтэлектуальнай «аседласці».

У сваіх успамінах яна піша:

«Усе польскія настаўнікі насцярожана адносіліся да мяне. Так мая адукацыя спынілася на сямі класах… »

Далейшы асабісты вопыт – гэта лагер працы для беспрацоўнай моладзі ў Варшаве, дзе па розных спецыяльнасцях – у шавецкай, трыкатажнай, пашывачнай майстэрнях — працавала каля 200 дзяўчат. Пасля – арышт у чэрвені 1937 года, калі яна, разам з групай моладзі, паспрабавала ўцячы за мяжу ў Савецкі Саюз. Допыт у дэфінзіве, які стаў прычынай калецтва. А калі прыйшла Чырвоная Армія – Ганна Новік была абрана дэпутатам Народнага сходу. Ён праходзіў у Беластоку тры дні і вынес рашэнне далучыцца да Савецкай Беларусі.

Асабістае і агульначалавечае ў яе жыцці настолькі пераплецены, што іншым разам нараджаецца вярэдзячая свядомасць думка: а ці жыла калі-небудзь гэта самаахвярная жанчына для сябе? Апантаная ідэяй, яна прынесла ёй у ахвяру сваю маладосць. Недзе на скрыжаваннях палітычных віхур паспела выйсці замуж, нарадзіць дачку, страціць яе, маленькую. I далучыцца да партызан: хадзіць на заданні, удзельнічаць у налётах на нямецкія гарнізоны. Зноў жа мімаходзь, у ходзе нейкай аперацыі, сустрэцца з групай падрыўнікоў, пасланых з-за лініі фронту, у ёй знайсці мужа. I праляцець гаротнай зязюляй міма жаночага шчасця, назаўсёды захаваўшы ў памяці чатыры ваенныя моманты сустрэчы:

«3 трывожнаю надзеяй у душы

Цябе сюды чакала часу столькі.

Ён голас нават твой не заглушыў.

I рысы твару не змяніў ніколькі».

Ён вярнуўся з вайны. Пяць раненняў. Дзве кантузіі. Паспелі нарадзіць сына. I мужа – не стала…

У 1948 годзе ў Варонічах арганізаваўся калгас, і яго старшынёй абралі мяне. Гэта былі цяжкія гады, але патроху людзі спраўляліся са сваімі задачамі, У 1949 годзе бандыты напалі на старшыню Касцяневіцкага сельсавета, адабралі ў яго паляўнічую стрэльбу. Старшыню адразу знялі з работы, і сельсавет застаўся без кіраўніка… Дэпутаты выбралі старшынёй мяне,.. Пайшлі планы лесавывазкі, лесапавалу, і гэтай справай займаліся жанчыны.

Хоць прызнанне маё і не новае

I не з новых утворана слоў –

Я люблю цябе, поле жытнёвае,

Ціхі шэпат тваіх каласоў…

Яравыя даўно ўжо пакошаны,

Толькі лён у радках дзе-нідзе,

А ў душы маёй столькі харошага

Да сяла, да зямлі, да людзей”.

Напэўна, ніводзін айчынны паэт не ўклаў у свой радок столькі асабістага, інтымна-перажытага, адбалела завершанага. Яе паэзія ляжыць як бязмежны прасцяг узышоўшай руні. Там – гонкі зялёны сцебластой, там – выпаленая марозам пляміна.Тэорыю вершаскладання Ганна Новік вывучала не па падручніках. I ўсё ж яе аднагалосна ў 1960 годдзе прынялі ў саюз. пісьменнікаў. Ахвотна друкавалі яе ў «Полымі», побач з такімі літаратурнымі «кітамі», як Максім Танк, Пятрусь Броўка. Але не выйшла самастойным выданнем незакончаная аповесць “Другая сустрэча”. Пра яе яна ў сваіх успамінах, якія са слоў паэткі запісалі супрацоўніцы гарадской бібліятэкі, сказала так:

“Аповесць яшчэ не закончана. Не ведаю ці змагу яе скончыць. Але хачу спадзявацца…”

Ганна Новік ціха і светла пайшла з жыцця. На старасці гадоў атрымаўшы, нарэшце, гарадскую кватэру. Акружаная сябрамі. Адзіны сын яе раней за маці пакінуў гэты свет. Яна цягнулася да людзей. I тыя стараліся аберагчы яе свядомасць і нервы ад наступстваў ідэалагічнага землятрусу, што кінўў да падножжа знявечаных руін ідэй лёс цэлага пакалення.

«Калі віхура сённяшняга дня

I тых адкіне, з кім жыла дагэтуль,

I застануся, як калісь, адна.

На паўдарогі да абранай мэты –

Раскватаруйся ў маёй душы,

Займі сабой усе яе пакоі,

Пачуцце адзіноты заглушы,

Дапамажы забыцца пра такое –

Да роспачы, вядома, не дайду,

Хаця памылка і была вялікай.

I хто, скажы, прывёў сюды бяду?

Баюся думаць, хто яе наклікаў…»

Яна вытрымала яшчэ адзін удар лёсу. Як трымала да гэтага ўсе астатнія. I пакінула прыкметны след на паэтычным небасхіле Айчыны.

Марыя КУЗАЎКІНА

// Шлях перамогі. – 2014. – 22 сак.

Share
Вы можете оставить комментарий, или ссылку на Ваш сайт.

Оставить комментарий