Напярэдадні Новага года ў чытальнай зале райбібліятэкі імя Ганны Новік сабраліся ўдзельнікі літаратурнай гасцёўні “Дамінанта душы”, супрацоўнікі бібліятэкі, сябры, прыхільнікі таленту і, увогуле, аматары літаратуры, каб павіншаваць Барыса Манцэвіча з нараджэннем кнігі “Эстафета” і пазнаёміцца з яго вершамі.
Гасцей прывітала Антаніна Гарчакова, кіраўнік літаратурнай гасцёўні “Дамінанта душы”, якая падзялілася ўражаннямі пра аўтара і зборнік вершаў.
Затым выступіў Барыс Манцэвіч. Ён цікава і дасціпна распавёў пра сваё дзяцінства і творчы шлях. Яго выступленне прагучала як сапраўднае прызнанне ў любові да Беларусі, ад роднай мовы, да сям’і.
Аўтар піша пра тое, што глыбока засела ў памяці, не сцерлася з гадамі, пастаянна хвалявала і хвалюе. Праз зборнік праходіць думка, што шчаслівым можа быць толькі той, хто жыў і працаваў з годнасцю.
Падчас прэзентацыі прысутныя пачулі вершы ў аўтарскім выкананні.
Шмат добрых слоў у гэты дзень было сказана пра Барыса Манцэвіча. Прысутныя ўспаміналі асаблівыя падзеі, звязаныя з паэтам, аднадушна падкрэсліваючы яго бясспрэчны талент. Клаўдзія Дубовік прадэкламавала ўласны верш, прысвечаны Барысу Флоравічу. Вершы са зборніка “Эстафета” прачыталі супрацоўнікі бібліятэкі і госці. Сваімі ўспамінамі таксама падзяліліся Галіна Капцюг і Вольга Коласава.
Упрыгожылі мерапрыемства дырэктар цэнтра эстэтычнага выхавання Таццяна Захарыч і член Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Цанунін, якія праспявалі цудоўную песню.
За цікавай гутаркай час праляцеў вельмі хутка. Напрыканцы сустрэчы адбылася аўтограф-сесія. Аўтар падараваў таксама свой зборнік у дар бібліятэцы.
Людміла ТОНКАВІЧ, загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі райбібліятэкі імя Г. Новік
//Шлях перамогі. – 2015. – 31 снежня