31 сакавіка ў Чурлёнскай сярэдняй школе адбылася чарговая сустрэча ў рамках праекта «Школа актыўнага грамадзяніна» на тэму «Быць дастойным грамадзянінам – значыць падзяляць і падтрымліваць духоўныя каштоўнасці беларускага грамадства».
Што ж дапамагае чалавеку прарасці каранямі ў родную культуру, адчуць сябе часткай вялікай гісторыі? Адказаць на гэтае пытанне вучням дапамагла бібліятэкар Чурлёнскай сельскай інтэграванай бібліятэкі Пашкевіч М.У., якая пагрузіла ўсіх прысутных у загадкавы свет беларускага арнаменту.
Ва ўступным слове яна адзначыла, што народнае мастацтва Беларусі найбольш яскрава праявілася ў ткацтве і вышыўцы і што рушнікі, абрусы і посцілкі – гэта своеасаблівая аповесць пра жыццё народа, яго шчасце, працу і спадзяванні. Адну за адной Марына Уладзіміраўна раскрывала таямніцы старажытных знакаў, якія нашы продкі вышывалі на рушніках і вопратцы.
Школьнікі з захапленнем слухалі пра асноўныя матывы беларускага арнаменту: вобразы ўраджаю і ўрадлівасці, вобразы маці, вобразы роднай Беларусі. Асобна бібліятэкар спынілася на кроснах – чароўным станку, на якім, быццам жыццё, пераплятаюцца ніткі мінулага і сучаснага.
Мерапрыемства, якое прайшло ў фармаце жывой і адкрытай размовы, дапамагло дзецям усвядоміць сваю ролю ў захаванні духоўных каштоўнасцей нашай дзяржавы.

3 апреля, 2026
villib 




Опубликовано в рубрике 


























