Сеть публичных библиотек Вилейского района
Наш адрес: г. Вилейка, ул. Водопьянова, 21.
Тел. (8-01771) 5-56-56 E-mail: biblio@vileyka.gov.by

Выцінанка – жывая спадчына Беларусі

Выцінанка – традыцыйнае беларускае мастацтва выразання з паперы з глыбокімі каранямі і сімволікай. У 2024 годзе выцінанка ўключана ў спіс спадчыны ЮНЕСКА, што пацвердзіла яе сусветную каштоўнасць.

Назва «выцінанка» паходзіць ад слова «выцінаць». У традыцыйным побыце гэта былі папяровыя ўзоры, якімі жанчыны аздаблялі вокны, сцены, печы, паліцы і хатняе начынне. Асабліва актыўна выцінанка развівалася на поўдні і ў цэнтры Беларусі, у тым ліку на Палессі.

Сам працэс стварэння – сапраўдная медытацыя. Паперу складаюць і асцярожна выразаюць нажніцамі ці нажом. Пры разгорванні атрымліваецца сіметрычны ўзор, які нагадвае карункі. Гэта могуць быць не толькі арнаменты, але і абярэгі, а таксама сюжэтныя кампазіцыі: сцэны вясковага жыцця, шчадровак, народных святаў, выявы птушак, дрэў, сонца.

26 сакавіка ў аддзеле абслугоўвання і інфармацыі раённай цэнтральнай бібліятэкі адбылася прэзентацыя выставы выцінанак «Карункавыя мары» навучэнцаў дэкаратыўна-прыкладнога аддзялення УА «Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя М.К. Агінскага».  На мерапрыемства прыехалі навучэнцы каледжа, якія паказвалі сам працэс выцінання. А таксама народныя майстры, выкладчыцы каледжа, якія ў 2026 годзе сталі лаўрэатамі спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва за аднаўленне, развіццё і папулярызацыю традыцый Маладзечанскай школы выцінанкі – Людміла Мікалаеўна Валковіч-Борыс і Лізавета Львоўна Чырвонцава. Гасцямі мерапрыемства сталі навучэнцы ДУА «Сярэдняя школа № 3 г. Вілейкі імя В.Л. Сасонкі» і ДУА «Вілейская гімназія № 1 «Логас».

Людміла Мікалаеўна, якая з’яўляецца старшынёй цыклавой камісіі «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва», расказала пра спецыяльнасці і кваліфікацыю, якія можна атрымаць, і пра экзамены, якія патрэбна здаць тым, хто захоча паступіць на дэкаратыўна-прыкладное аддзяленне каледжа, і падаравала бібліятэцы буклеты пра навучальную ўстанову, з якімі можна азнаёміцца ў бібліятэцы. Людміла Мікалаеўна таксама адзначыла, што папяровае выразанне ў рамках «Работа ў матэрыяле» выкладаецца толькі ў УА «Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя М.К.Агінскага».

Лізавета Львоўна правяла прэзентацыйна-мультымедыйны экскурс ў гісторыю выцінанкі, расказала пра яе ўжыванне і распаўсюджванне ў культуры Беларусі, пра мастацкі узровень выцінанкі і менавіта пра Маладзечанскую школу выцінанкі – яе мясцовыя асаблівасці.

Узвышаны настрой мерапрыемству надалі мелодыі ў выкананні юных скрыпачак – навучэнцаў музычнага аддзялення каледжа.

Фота прадастаўлена рэдакцыяй газеты “Шлях перамогі”

Share
Вы можете оставить комментарий, или ссылку на Ваш сайт.

Оставить комментарий