26 мая ў чытальнай зале раённай бібліятэкі падабралася цікаўная і неабыякавая да мастацкага слова аўдыторыя. Гутарка ішла аб творчасці Барыса Флоравіча Манцэвіча. Яго біяграфія насычана яркімі і цікавымі падзеямі, нечаканымі паваротамі лёсу.
За апошнія паўгода выдадзены чатыры кнігі Барыса Флоравіча. Напярэдадні Новага года адбылася прэзентацыя першай яго кнігі “Эстафета”. Цяпер жа ішла гутарка аб яго кнігах “Перажытае і пачутае”, “І смех, і грэх” і “Партызанскі доктар у нямецкім шпіталі”.
“Партызанскі доктар у нямецкім шпіталі” – ваенная драма, прысвечаная Івану Васільевічу Волаху і напісана на аснове яго ўспамінаў. У аўтографе да кнігі, падараванай нашай бібліятэцы, значыцца:
“На памяць не толькі тым, хто ведаў І.В. Волаха, але і ўсім, хто цікавіцца гісторыяй нашага краю. Аўтар Б. Манцэвіч. 13.05.16г.”
Пачаўшы чытаць зборнік “І смех, і грэх” вы не зможаце адкласці гэту кнігу ўбок. З’явіцца жаданне вяртацца да яе старонак зноў і зноў, гартаць яе, выхопліваць асобныя радкі. Жанр гумару і сатыры – няпросты, і далёка не кожны з паэтаў валодае пяром сатыры. Да слова, Барыс Флоравіч валодае тонкім пачуццём гумару, а як чалавек-творца – дабрынёй і мудрасцю. Вось што піша Ганна Новік у лісце да Барыса Манцэвіча:
“Паважаны т. Манцэвіч!
Прачытала Вашу гумарэску. Гумар у Вас сапраўды харошы, здаровы, жыццёвы, рэальны. Добрай дарогі Вам у Свет Гумару! Такое чытаючы – адпачываеш і дзякуеш аўтару, што дапамог на некалькі мінут адарвацца ад вывазкі ўгнаенняў.
І мяне Вы ў гэты раз разварушылі.”