Гонарам раённай бібліятэкі імя Ганны Новік з’яўляецца той факт, што на працягу сямі год пры аддзеле абслугоўвання і інфармацыі дзейнічае праект “Чытаем кнігі мясцовых аўтараў”. Бібліятэчны праект атрымаў працяг і ў 2021 годзе.
Зберагчы літаратурную спадчыну Вілейшчыны, сваё роднае, непаўторнае беларускае слова – мэта супрацоўнікаў бібліятэкі.
Каб данесці словы мясцовых творцаў да чытачоў, бібліятэка ажыццяўляе выдавецкую дзейнасць, якая займае асаблівае месца ў літаратурным краязнаўстве. За час існавання праекта выдадзены 27 кніг мясцовых аўтараў.
Так, пры садзейнічанні бібліятэкараў у студзені 2021 года выйшаў зборнік Барыса Флоравіча Манцэвіча “Жыццё пражыць…” Аформленая з густам, зручная па фармаце, глыбокая па зместу новая кніга Барыса Флоравіча стала добрым набыццём для прыхільнікаў літаратуры.
Знамянальна і тое, што кніга выйшла напярэдадні 88-годдзя з дня нараджэння паэта. У сувязі з усталяванай эпідэміялагічнай сітуацыяй бібліятэкары здзейснілі візіт-віншаванне Барыса Манцэвіча на даму, шчыра пажадалі яму моцнага здароўя, дабрабыту, аптымізму, жаданых сустрэч і ўручылі невялікі падарунак.
На гэтым наша праца ў рамках праекта не спыняецца, хочам заспакоіць усіх, хто чакае ад нас новых кніг, – працяг будзе.