Віляйчанка прэзентавала кнігу пра родную вёску
Прэзентацыя кнігі вяляйчанкі Клаўдзіі Дубовік “Багданава – вёска нашага дзяцінства” прайшла 22 студзеня ў выставачнай зале імя Сілівановіча.
У кнізе сабраныя эсе творцы аб роднай вёсцы Багданава і суседняй – Хамянцы, іх жыхарах. Выдадзены зборнік намаганнямі раённай цэнтральнай бібліятэкі імя Ганны Новік.
Да прэзентацыі падрыхтавалі выставу творчай спадчыны Клаўдзіі Дубовік “Мовай сэрца” – заняла яна увесь стэлаж.
Старшы навуковы супрацоўнік краязнаўчага музея Вольга Коласава пазнаёміла з гісторыяй мясцін, што апісваюцца ў кнізе.
Клаўдзія Дубовік расказала пра сваю творчасць, пра тое, як працавала над кнігай.
– Даўно ўжо напісала апавяданне “Калодзеж” – плакала і я, і дачка гаспадара, пра якога расказваецца ў ім, – прыгадвае яна. – Затым у апавяданні “Шурачка” расказала пра сваю маму, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Аляксандру Іванаўну Сургучову. Потым адзін мужчына распавёў, што яны пражылі разам з жонкай 62 гады. Кажу: “Як 62?!” У выніку з’явілася апавяданне пра Франца і Марыю Лапушынскіх, якія жылі душа ў душу. Праз нейкі час падумала: “А чаму б не распавесці пра кожнага жыхара нашага краю?” Я напісала гэту кнігу, бо кожная сям’я блізкая майму сэрцу. Гэта ўсе мае аднавяскоўцы – яны героі па жыцці.
Завіталі на прэзентацыю знаёмыя і сябры па творчасці Ніна Жвалеўская, Галіна Капцюг, Барыс Манцэвіч, Анатоль Капцюг, Віктар Кажура, Уладзімір Цанунін, Эдуард Мацюшонак і іншыя. Многія з іх сказалі цёплыя словы пра аўтарку кнігі. Спяваў народны калектыў аўтарскай песні “Элегія” (кіраўнік – Таццяна Захарыч).
Прыйшлі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі вайвыканкама Сяргей Паўлоўскі і яго намеснік Жанна Петух. Сяргей Паўлоўскі ўручыў Клаўдзіі Дубовік падзяку за яе дзейнасць.
– Тут столькі цёплых слоў – такія словы ні на якія манеты не памяняешь, – дзеліцца Клаўдзія Дубовік.
Прыехалі на презентацыю вучні і настаўнікі Куранецкай школы на чале з дырэктарам Марынай Цыркулеўскай – у гэтай школе вучылася творца. Паказалі відэарад, дзе на здымках яна маладая – так што, расчулілі яе да слёз.
Клаўдзія Дубовік падзякава ўсім, хто прычыніўся да выдання кнігі і прыйшоў на сустрэчу:
– Мяне радуе, што ёсць аддача – тое, што людзям спадабалася кніга, – кажа яна. – Хоць кажны дзень такія сустрэчы наладжвай: так прыемна ад атмасферы – душэўнай, адухоўленай. Як быццам ў 18 стагоддзе перанесліся – настолькі арыстакратычна, настолькі прачула ўсё было.
– Мяне ўразілі песні ў выкананні “Элегіі”, пакладзеныя на вершы Клаўдзіі Дубовік. І яна мне адкрылася зусім па-іншаму, – дзеліцца загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай цэнтральная бібліятэкі імя Ганны Новік Людміла Тонкавіч. – Презентацыя прайшла як адна хвіліначка: так цікава было. Мяркую, не толькі мне.
Алесь ВЫСОЦКІ
//Рэгіянальная газета. – 2016. – 29 студз.