Нядаўна намаганнямі раённай цэнтральнай бібліятэкі імя Ганны Новік выйшаў першы зборнік вершаў вілейчаніна Барыса Манцэвіча “Эстафета”. У ім сабраныя вершы разнастайныя: пра вайну, каханне і сям’ю, любоў да Вілейкі і Беларусі…
А 24 снежня адбылася прэзентацыя кнігі. У чытальнай зале бібліятэкі сабраліся супрацоўнікі, удзельнікі літаратурнай гасцёўні “Дамінанта душы” і іншыя аматары паэзіі.
Найперш пазнаёміліся з героем урачыстасці і зборнікам вершаў. Барыс Флоравіч расказаў пра жыццёвы і творчы шлях, прачытаў вершы. Працягнулі знаёмства з яго творчасцю бібліятэкары і госці мерапрыемства.
У гэты дзень гучалі не толькі вершы паэта. Клаўдзія Дубовік прысвяціла аўтару зборніка свой верш.
Цёпла і душэўна расказалі пра Барыса Манцэвіча Антаніна Гарчакова, Галіна Капцюг, Вольга Коласава, Таццяна Захарыч і іншыя.
Паэт Уладзімір Цанунін падарыў герою ўрачыстасці свой зборнік вершаў і разам з Таццянай Захарыч праспяваў песню ў яго гонар.
Зборнік “Эстафета” ў падарунак ад аўтара і з яго аўтографам атрымалі на памяць многія ўдзельнікі.
– Сустрэча атрымалася вельмі цёплая і прайшла на адным дыханні,- кажа загадчыцца аддзела абслугоўвання і інфармацыі бібліятэка Людміла Тонкавіч. – Асабліва ўразіла выступленне Барыса Фролавіча: як ён шчыра і душэўна расказваў пра сваю сям’ю, Радзіму, родную беларускую мову. Недарэмна па заканчэнні мерапрыемства ўдзельнікі казалі шмат цёплых слоў і аўтару, і бібліятэцы.
Алесь ВЫСОЦКІ
// Рэгіянальная газета. – 2016. – №1